Штогод у апошнюю нядзелю студзеня ў нашай краіне адзначаецца
Дзень беларускай навукі! У
2012 годзе гэтай датай з’яўляецца
29 студзеня. Напярэдадні прафесійнага свята юрыдычны факультэт прымае самыя
шчырыя віншаванні ад сваіх выкладчыкаў ды студэнтаў! 
Родны факультэт віншуе
намеснік дэкана юрыдычнага факультэта па адукацыйных інавацыях і вучэбна-метадычнай рабоце доктар юрыдычных наук, дацэнт
Вольга Іванаўна Чупрыс: :
“Віншую юрыдычны факультэт БДУ з Днём беларускай навукі!
Гэта - неверагоднае па сваіх маштабах свята, якое аб'ядноўвае аднадумцаў розных галін і сфер. Яно прысвечана дзіўнай і непаўторнай працы вучонага, сімвалізуе яго штодзённую, знясільваючую, карпатлівую працу і асобныя яркія хвіліны прызнання. Гэтае свята ўвабрала ў сябе ўзлёты і падзенні, надзеі і расчараванні, пошукі і рашэнні кожнага беларускага вучонага.
Гэта таксама свята вучоных-прававедаў, выкладчыкаў, аспірантаў і суіскальнікаў, магістрантаў і студэнтаў, а таксама - усіх астатніх супрацоўнікаў юрыдычнага факультэта БДУ, якім я жадаю творчых поспехаў, запатрабаванасці, падзякі за працу, надзейных і адданых юрыдычнай навуцы калегаў!”

Студэнтаў, аспірантаў і калег віншуе
Старшыня Савета по навукова-даследчай працы студэнтаў і аспірантаў юрфака кандыдат юрыдычных навук, дацэнт
Ландо Дар’я Дзмітрыеўна: :
“Шчыра віншую любімы факультэт з Днём навукі.
Калегам жадаю знайсці новыя напрамкі даследаванняў ці паглыбіцца ў знаёмую тэматыку.
Студэнтам – цікавых старонак кніг, часопісаў, глабальнай сеткі, якія дазволяць зрабіць самастойны вывад, выказаць прапанову. Ні пампаванне, ні надыктоўка, - толькі праца ды натхненне з’яўляюцца падмуркам навукі!”

Цёплыя словы гучаць ад
члена Савета маладых вучоных нашага факультетэта, кандыдата юрыдычных навук, дацэнта
Пляхімовіча Івана Іванавіча: :
“Віншую выкладчыкаў і студэнтаў з Днем беларускай навукі!
Для нас - членаў універсітэцкага калектыву - гэта адно з важнейшых святаў. Навука не проста дае веды, яна фарміруе якасці: стараннасць, разважлівасць і, галоўнае, прынцыповасць, мужнасць у адстойванні ісціны. Паміж кар'ернымі спакусамі, прыстасаваннем да звыклага, меркаваннем большасці і ісцінай сапраўдны вучоны выбірае ісціну.
Жадаю нам усім быць сапраўднымі вучонымі, папаўняць нешматлікія рады абаронцаў высокіх каштоўнасцяў. Навука любіць толькі тых, хто любіць яе. А любіць - значыць аддаваць усе свае сілы. Са святам навукі!”
Да пажаданняў
маладых вучоных-выкладчыкаў далучаюцца і
маладыя вучоныя-студэнты! 
Шчыра віншуе родны факультэт
Старшыня Студэнцкага Навуковага Савета студэнтка 5 курса
Крупеніна Алена:
“Уся гісторыя чалавецтва – гэта гісторыя навукі, якая рухае жыццё наперад, адкрываючы перад ім усё новыя і новыя далягляды. Жыццё людзей, што абралі для сябе навуку ў якасці прафесіі, прысвечана пастаяннаму пошуку шляху ў невядомае…Шмат у чым дзякуючы гэтым людзям, думкай і справамі сваімі накіраваным у будучыню, і іх карпатлівай працы свет так імкліва развіваецца.
Хачу пажадаць нашым вучоным шчасця, здароўя, цікавай працы і новых вынаходніцтаў, узаемаразумення і сямейнай цеплыні, яскравых ідэй і добрага настрою!
Выкладчыкам - таленавітых вучняў ды завальнення сваёй працай, а студэнтам – поспехаў у пабудове свайго навуковага шляху!”

Са словамі Старшыні згодзен і
Намеснік Старшыні СНС, студэнт 3 курса
Ягоўдзік Раман: “Жадаю часцей сумнявацца, бо, як казаў, Максім Горкі, сіла пазнання - у сумненні.
Жадаю часцей задаваць пытанні, таму што гэта - верны спосаб знайсці на іх адказы.
Жадаю умець аналізаваць, гэта дапамагае выбраць з супярэчлівых адказаў найбольш правільны.
Толькі навука па-сапраўднаму вучыць усяму гэтаму, таму жадаю быць бліжэй да яе!
З Днем Навукi, паважаныя выкладчыкi i калегi!”

Адзін з самых
актыўных прадстаўнікоў Студэнцкага Навуковага Савета, студэнт 3 курса
Станіслаў Каламыцкі жадае:
“…Здароўя – каб вытрымаць ночы, праведзеныя за падручнікамі, і апасля заканчэння навучання цалкам атрымаць асалоду ад набытых ведаў.
Добрых сябраў – такіх, хто здольны прынцыпова спрачацца “з-за коскі” і аргументавана крытыкаваць Вашую пазіцыю з адною мэтай – наблізіцца да істыны.
Шмат грошай – на неабходныя кнігі і ліцэнзійны “Кансультант +”. Сямейнага шчасця – бо навука ў жыцці не галоўнае. Са святам!”
Над матэрыялам працавалі:
выкладчыкі, члены Студэнцкага Навуковага Савета, адміністрацыя сайту